Белтэлерадыёкампанія аб'яўляе аб пачатку правядзення нацыянальнага адбору афіцыйнага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь для ўдзелу ў конкурсе песні "Еўрабачанне-2010", які напрыканцы мая пройдзе ў Нарвегіі.
Арганізатарам нацыянальнага адборачнага тура з'яўляецца Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. Адбор праводзіцца ў адпаведнасці з Палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і Правіламі конкурсу, якія ўстанаўліваюцца Еўрапейскім Вяшчальным Саюзам.
Удзел у адборы могуць прымаць асобы, якім на 24 мая 2010 г. павінна быць не менш за 16 гадоў, незалежна ад грамадзянства. Прэтэндэнт можа выконваць песню працягласцю тры хвіліны, якая да 1 кастрычніка 2009 г. не была камерцыйна рэалізавана, апублікавана або публічна выканана. Песня можа быць прадстаўлена максімум шасцю выканаўцамі.
Для ўдзелу ў конкурсе да 15 лютага трэба каштоўнай бандэроллю даслаць заяўку з паметкай "Конкурс песні "Еўрабачанне-2010" на адрас Белтэлерадыёкампаніі (220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9). Палажэнне аб правядзенні нацыянальнага адбору конкурсу песні "Еўрабачанне-2010" і форма заяўкі апублікаваны на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by (раздзел "Праекты").
Для ацэнкі прэтэндэнтаў, якія падалі заяўкі, Белтэрадыёкампаніяй будзе створана фокус-група, якая выбера і аб'явіць прадстаўніка Беларусі на "Еўрабачанні-2010" не пазней за 10 сакавіка. Акрамя таго, на падставе рашэння фокус-групы будзе выбраны рэзервовы выканавец. Рашэнне аб замене прымае арганізатар у выключных выпадках.
Усе правы, якія адносяцца да правядзення адбору, належаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі.
Прамую трансляцыю міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне-2010" з Осла будзе весці Першы канал. |